antanian - January 25th, 2005
Jan. 25th, 2005
03:09 pm - Bohuszewicz is ok
У нядзелю нарэшце схадзіў-дабраўся да томіка Багушэвіча (укладаньне і прадмова Я.Янушкевіча, Мн., 1991) , каб паглядзець што ж ён такога пісаў пра будаўніцтва трамвайнай лініі ў Вільні.
Праглядаючы камэнтары натыкнуўся на забаўную ачыпятку "Dudka Białaruskaja Macieja Buraczka. Kraków. Drukawau swaim kosztam Wł.Anczyc i Ska" (стр.247). Праўда ў бібліяграфіі была ужо нармальная Ska. Напэўна, гэта ня так і сьмешна, але мне ўсё ж хацелася б, каб выданьня кніжкі "Дудка беларуская" далучыўся чалавек з прозьвішчам SKA.
У вершы "У судзе" трапіўся на вочы забаўны літуанізм
"Што за наўда яму, каб ён свету не знаў,
Ці Пантурка з'еў блін, ці гарэлкі нагнаў?"
Дарэчы тэма "Вобраз жыда ў паэзіі Фр. Багушэвіча" беларускімі дасьледчыкамі зусім не раскрытая. А шкада. На манаграфію матэрыялу не набярэцца, канешне, але на вялікі артыкул хопіць.
Жыцьцяпіс Багушэвіча зусім нечакана перакрыжоўваецца з біяграфіяй Якуба Коласа. Мала таго, што Фр. Багушэвіч актыўна пісаў ў пецярбурскай газэце "Kraj" пра дзейнасьць Зямельнага банка, у якім праз дзесяць гадоў гэрой "Новай зямлі" спрабаваў атрымаць крэдыт. Ва ўсіх падручніках гаворыцца пра канфлікт, які адбыўся паміж Фр.Багушэвічам і польскай грамадзкасьцю Вільні. Аднак нідзе не гаворыцца, што адным з актыўных ўдзельнікаў "антыбагушэвіцкай" кааліцыі быў адвакат Тадэвуш Урублеўскі, які пазьней займаўся судовымі справамі Якуба Коласа. А канфлікт, між іншым, быў вельмі характэрны. Багушэвіча абурылі паводзіны віленскай адвакатуры, прадстаўнікі якой (у абсалютнай большасьці палякі) вырашылі скласьці віншаваньне аднаму з сваіх калегаў не па-польску але па-расейску. Што да нац. сьведамасьці Фр.Багушэвіча, то, відавочна, ён лічыў сябе краёвым палякам. Як, дарэчы, і Дунін-Марцінкевіч.
На ўвесь зборнік адшукаўся хіба адзін якасны лірычны верш. "Смык" называецца.
11:05 pm - Багушэвіч і трамвай
Пра шматпакутны віленскі трамвай вось што пісаў Франак Багушэвіч ў газэце "Kraj".
Нарэшце, мясцовыя ўлады канчаткова зацвердзілі ўмову з падрадчыкам на правядзенне трамвай лініі ў Вільні. Як кожнае паляпчэнне камунікацыйных шляхоў наогул, гэтая з'ява дадатная, а таму жаданая, аднак выклікае сумненне, ці прынясе трамвай карысць у Вільні: тыпова, як у старым горадзе, вуліцы тут крывыя і вузкія, таму не на ўсіх іх трамваі змогуць курсіраваць. Вільня -- горад невялікі: ад адной ускраіны (напрыклад, ад жалезнага моста) да другой (да Віліі) можна прайсьці пешшу за 16 хвілін! Далей нібыта месціцца раён горада Зарэчча, але яна злучана толькі адным мостам з цэнтрам, таму не можа наблізіць яе і трамвайная каляя. У такіх варнуках трамвай мала прынясе нам выгоды ці карысці, адсутнасць жа гэтага віду камунікацыі не вельмі адчувальная. Затое трамвай пазбавіць шмат якіх рамізнікаў (хоць хто там вельмі дбае пра лёс нейкіх рамізнікаў!) кавалка хлеба; затое гараджане, якія дагэтуль ахвотна рабілі невялікі шпацыр, панясуць свае дзесяткі ў кішаню падрадчыка; затое на цесных, крывых і ўзгорыстых вуліцах шмат будзе няшчасных выпадкаў!.. Неяк будзе! Да гэтага часу праезд сялянам, якія прывозілі прадукты, быў забаронены толькі па дзвюх вуліцах; калі ж правядуць трамвай, колькасць забароненых для праезду вуліц узрасце; праехаць сялянам у горад будзе вельмі цяжка, а гэта значыць і гарадзкім жыхарам цяжэй будзе купіць прадукты з першых рук. (Kraj №28 10/22.07.1887)
Праект пабудовы трамвая адхілены, здаецца, у выніку таго, што мясцовыя ўлады прыйшлі да думкі: вузкія і крывыя вуліцы Вільні не дазваляюць карыстацца гэтым відам камунікацыі. (Kraj №41, 9/21.10.1888)
На будаўніцтва конкі ў Вільні ўжо дадзены дазвол п. міністра. (Kraj №36, 8/20.09.1889)
| ← Previous day | (Calendar) | Next day → |
